АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,
1) галіна права, якая рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы дзярж. кіравання. Нормы адміністрацыйнага права вызначаюць парадак арганізацыі і дзейнасці кіраўнічага апарата, правы і абавязкі службовых асоб і грамадзян. Сістэма адміністрацыйнага права Рэспублікі Беларусь складаецца з агульнай і асаблівай частак. Агульная ўключае нормы, якія маюць рэгуляцыйнае значэнне для ўсіх галін і сфераў дзярж. кіравання: сістэма і крыніцы, суб’екты адміністрайнага права, прынцыпы дзярж. кіравання, сістэма яго органаў, формы і метады кіраўнічай дзейнасці і інш. Нормы асаблівай часткі рэгулююць адносіны ў асобных сферах кіравання: планаванні, уліку, фінансаванні і матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, прам-сці, сельскай гаспадарцы, транспарце, капітальным будаўніцтве, нар. адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, сац. абароне, пытаннях адм.-паліт. кіравання (абарона, дзярж. бяспека, грамадскі парадак, юстыцыя) і інш. Гал. крыніцы адміністрайнага права: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Прэзідыума Вярх. Савета і Кабінета Міністраў, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь і інш., загады, пастановы і інструкцыі нарматыўнага зместу (вылаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі і ведамствамі Рэспублікі Беларусь). Выкананне выкладзеных у гэтых актах правілаў з’яўляецца абавязковым і забяспечваецца выхаваўчымі, арганізацыйнымі і прымусовымі мерамі. У ходзе рэалізацыі нормаў адміністрацыйнага права ўзнікаюць адм. праваадносіны, суб’ектам якіх, з аднаго боку, з’яўляюцца дзярж. орган або службовая асоба, з другога — дзярж. органы, іх службовыя асобы, асобныя грамадзяне, грамадскія арг-цыі і інш. Аб’ектам адм.-прававых адносін у большасці выпадкаў з’яўляецца дзейнасць людзей, іх паводзіны, а таксама пэўная маёмасць.
2) Навука, якая вывучае прававое рэгуляванне дзярж. кіравання, развіццё тэарэт. поглядаў на сутнасць, змест і сістэму прававых нормаў і прававых ін-таў. Навука актыўна садзейнічае ўдасканаленню сістэмы і ўнутр. структуры, удакладненню правоў і абавязкаў органаў дзярж. кіравання і асобных грамадзян. Праблемы адміністрацыйнага права на Беларусі вывучаюць А.М.Абрамовіч, В.І.Семянкоў, В.І.Шабайлаў і інш.
т. 1, с. 113